Партал «Медыя-Палессе» апублікаваў фотаздымкі даваеннага Пінска, зробленыя амерыканскай даследчыцай і падарожніцай Луізай Арнер Бойд у 1934 годзе. Фатаграфіі былі ўжо вядомыя, але цяпер іх расфарбавалі з дапамогай спецыяльнай праграмы, якая надала ім крыху іншага каларыту.

Дзякуючы фотаздымкам легендарнай амерыканкі, члена Амерыканскага геаграфічнага таварыства Луізы Арнер Бойд ужо 80 гадоў таму пра Палессе даведалiся у розных кутках свету.

На Палессі даследчыца прабыла месяц, з канца верасня па канец кастрычніка 1934 года. Адна з версій, адкуль Бойд магла даведацца пра край бязмежных балот і рэк, — ад працоўных эмігрантаў.

«За сваё жыццё я бачыла шмат розных кірмашоў у розных краінах свету, але нідзе я не бачыла таго ўнікальнага і цікавага, што я ўбачыла ў Пінску. Гэты горад ёсць скрыжаваннем шляхоў, дзе з усёй ваколіцы прыбываюць і сустракаюцца людзі, якіх падзяляюць дзясяткі кіламетраў вады», — пісала Луіза Арнер Бойд.

Падарожніца была зачаравана старажытным Пінскам і яго ваколіцамі. На многіх фотаздымках рэкі, балоты, азёры, шматлікія каналы, рыбакі і лодкі на берагах і вадзе. Вынікам паездкі стала выданне ў 1937 г. у Нью-Ёрку фотаальбома пад назвай «Польская правінцыя» і, безумоўна, адкрыццё ўсяму свету Палесся ва ўсёй яго шматграннасці і непаўторнасці.

Kрыніца: media-polesye.by

Fot. Media-Polesye

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
0 (0 галасоў)