Першая сустрэча клуба адбудзецца 26 лютага ў сувязі з публікацыяй кнігі вядомай польскай даследчыцы, прафесара Марыі Каламайскай-Саід пад назвай „Вострая Брама ў Вільні”.

Таварыства мастацтвазнаўцаў (Towarzystwo Historyków Sztuki) – гэта агульнапольская асацыяцыя, якая аб’ядноўвае гісторыкаў мастацтва, архітэктараў, рэстаўратараў і музейных работнікаў. Штаб-кватэра Таварыства знаходзіцца на Рынку Старога горада ў Варшаве.

Таварыства ўзнікла яшчэ ў 1934 годзе. І цяпер, на 90-м годзе дзейнасці, вырашыла пашырыць свае рады — за кошт не толькі польскіх даследчыкаў, але і калег з Усходняй Еўропы, якія вывучаюць агульную з Польшчай гісторыка-культурную спадчыну. Каб стаць членам таварыства, не абавязкова нават мець навуковую ступень.

„З самага пачатку таварыства складалася з філіялаў. Ужо ў 1934 годзе былі створаны філіялы ў Кракаве, Варшаве, Познані, а таксама ў Львове. І ў юбілейны год мы хацелі б вярнуцца да нашых традыцый і стварыць Клуб нашчадкаў I Рэчы Паспалітай, у якім маглі б займацца гісторыяй мастацтва Рэчы Паспалітай.

Але галоўнай задачай клуба была б інтэграцыя даследчыкаў з Беларусі, Украіны, а таксама літоўцаў і латвійцаў, якія пражываюць у Польшчы ці знаходзяцца тут часова.

Мы хацелі б, каб даследчыкі з гэтых краін падтрымлівалі адносіны не толькі ў рамках сваіх нацыянальных груп, але і каб інтэграваліся з намі, палякамі — мастацтвазнаўцамі, гісторыкамі, увогуле з усімі, хто займаецца пытаннямі культуры.

У клубе плануюцца лекцыі па гісторыі мастацтва былой Рэчы Паспалітай і, у прыватнасці, Вялікага княства Літоўскага, Украіны, Інфлянтаў. Гэтыя тэрыторыі нас асабліва цікавяць” – сказала ў інтэрв’ю Беларускай службе Польскага радыё Ганна Сільвія Чыж, даследчыца, якая спецыялiзуецца на мастацтве Вялікага Княства Літоўскага.

Крыніца: polskieradio.pl

Фота: youtube/screen

Пасылаю
Рэйтынг чытачоў
5 (1 vote)