У Польшчы і па-за межамi, дзе дагэтуль пражываюць групы палякаў, будуць адзначацца ўрачыстасці, звязаныя з 103-й гадавінай аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці Польшчы. З гэтай нагоды мы хочам нагадаць вам пра 10-ю гадавіну аднаўленьня незалежнасці Польшчы на Навагрудчыне. Прагортваючы навагрудскiя даваенныя газеты, можна ўбачыць, з якой эйфарыяй жыхары адзначаюць так важную для іх гадавiну. У 1928 г. «Życie Nowogródzkie» напісала серыю артыкулаў, у якіх рэдакцыя паведамляла чытачам пра святкаванне.
У суботу 10 лістапада 1928 г. у клубе гараджан горада Навагрудка на вуліцы Пілсудскага адбылася ўрачыстая акадэмія ў гонар 10-годдзя Незалежнасці. У адпаведна аформленым памяшканні сярод шматлікіх членаў клуба і гасцей быў таксама староста навагрудскі Грынеўскі ў акружэнні бурмiстра Чэховіча і віцэ-бурмiстра Сафарэвіча.
Найбольш кранальнай была прамова адв. Цеханоўскага, які спыніўся на сумным гістарычным факце падзелаў Польшчы, паказваючы на стойкасць польскай нацыі. Ён падкрэсліваў асаблівую значнасць нацыянальных паўстанняў, польскiх пiсьменнiкаў Міцкевіча, Славацкага, Красінскага, Сянкевіча, якія сілай свайго слова абуджалі нацыю ад сну і пабуджалi да гераічных учынкаў. Акрамя таго, адвакат спаслаўся на значэнне маршала Пілсудскага і прааналізаваў прававое становішча яўрэяў у Польшчы, якія заўсёды знаходзіліся пад абаронай караля і не зазналі ніякіх пераследаў у перыяд незалежнасці, спаслаўся на шэраг дакументаў і гiстарычных фактаў. Потым прамаўляў адвакат Гуменер, які падкрэсліваў, што гістарычна габрэі заўсёды былі арганічна злучаныя з польскай нацыяй і такім чынам у Польшчы яны мелі магчымасць развіваць свае духоўныя і матэрыяльныя сілы.
Спадар мэр Чэховіч вітаў клуб гараджан як новую гарадскую пляцоўку. На пасяджэнні было прынята рашэнне перадаць тэлеграмы прэзідэнту РП і маршалу Пілсудскаму. Пасля афіцыйнай часткі акадэміі пачалася танцавальная вечарына, якая завяршылася раніцай.
З гэтай нагоды ў Шчорсах пад Навагрудкам адбылася цырымонія асвячэння будынку гмiны. Сваёй прысутнасцю ўшанавалі ваявода Бечковіч і стараста Грынеўскі. Пасля асвячэння праваслаўны святар Рафальскі выступіў з кароткай прамовай на польскай і беларускай мовах, дзе падкрэсліў рэлігійную талерантнасць польскага ўрада і выказаў удзячнасць уладам за бацькоўскую абарону мясцовага насельніцтва.
10 лістапада ў пачатковай школе ва Уселюбе пасля набажэнстваў у касцёле і ў праваслаўным храме адбыўся ўрачысты ранішнік, у якiм удзел бралi школьнікі. Публіка, якая сабралася ў вялікай колькасці, не шкадавала слоў удзячнасці для дзяцей. 11 лістапада горад быў упрыгожаны зялёнымі і нацыянальнымі сцягамі, пасля чаго адбылося шэсце і прамовы. Вечарам у школьнай зале кола аматараў сыграла дзве тэатральныя п’есы “Блажэк Апанаваны” і “Шаленцы”, а хор, арганізаваны спадаром Марцінкевічам, выканаў народныя песні. Выручаныя ад цырымоніі сродкі былі накіраваны на будаўніцтва санаторыя ў Наваельні.
У сувязі з так важнай гадавінай навагрудчане ўпершыню былі ўзнагароджаны ордэнамі «Polonia Restituta» і «Крыжамі заслуг». Сярод узнагароджаных былі ваявода Зыгмунт Бэчковіч і генерал Ольгерд Пазерскі (Камандорскі крыж ордэна «Polonia Restituta»). Афіцэрскія крыжы атрымалі Эдвард Бокун, Уладзіслаў Хеншэль, Станіслаў Ярэцкі, кс. Рэктар Антоні Ройка. Кавалерскiя крыжы атрымалі мэр Ліды Рудольф Бергман і інспектар пажарнай службы Шымон Ярашэўскі.