Гродзенская прарасiйская актывістка Вольга Бондарaва дамаглася ад гарадскіх уладаў выкраслення Канстанціна Каліноўскага і Тадэвуша Касцюшкі са спісу заслужаных для горада гістарычных асобаў. Адначасова Бондарава абвясціла вайну гандлёвай сетцы «Еўраопт»: у рэкламе цацак “бонстыкi” яна ўбачыла прапаганду ЛГБТ.
Прарасiйская дзяячка дзякуе Гродзенскаму гарвыканкаму за тое, што прыбралі «польскага тэрарыста» і «мярзотнага масавага забойцу праваслаўнага насельніцтва Беларусі» з ліку знакавых для горада асобаў.
Бондарава таксама бярэ на сябе адказнасць за знікненне памятнага знака студзеньскіх паўстанцаў на чыгуначным вакзале Гродна. Улады замянілі яго дошкай у гонар савецкіх падпольшчыкаў.
Актывістка, якая выпраменьвае нянавісць да ўсяго польскага і беларускага, незадаволеная пільнасцю чыноўнікаў, якія «аднаго тэрарыста прыбралі», а другога «пакінулі». Аказваецца, гаворка ідзе пра Тадэвуша Касцюшку, які ў простых беларускіх сялян, паводле яе фантазій, «забраў надзею на адраджэнне нацыянальнай культуры, рэлігіі і правоў». «Прашу адміністрацыю Гродна прыбраць ворагаў дзяржавы з ліку герояў горада, а таксама помнікі ім», — піша прарасійская актывістка ў сваім тэлеграм-канале.
Тадэвуш Касцюшка ў Гродне ўганараваны двойчы ў Кафедральным касцёле Святога Францыска Ксаверыя. Першая шыльда з надпісам па-польску ўсталяваная на сцяне касцёла яшчэ ў 1917 годзе да стагоддзя са дня смерці нацыянальнага героя.
Крыніца: budzma.org